Пс 9
1 Кіраўніку хору: на лад Мутлябэн. Псальм Давіда.
2 Буду славіць ГОСПАДА ад усяго сэрца майго, буду абвяшчаць усе цуды Твае!
3 Буду радавацца і весяліцца ў Табе, буду выслаўляць імя Тваё, Найвышэйшы!
4 Калі ворагі мае павернуць назад, яны спатыкнуцца і загінуць перад абліччам Тваім.
5 Бо Ты правёў суд мой і [разгледзеў] справу маю, Ты сеў на пасадзе, праведны Судзьдзя.
6 Ты ўтаймаваў народы, Ты зьнішчыў бязбожніка, імя іхняе сьцёр на вякі вечныя.
7 Вораг спустошаны, канец яго назаўсёды. І гарады [ягоныя] Ты зруйнаваў, памяць пра іх зьнішчана.
8 А ГОСПАД сядзіць [на пасадзе] на вякі; Ён паставіў пасад Свой дзеля суду,
9 і Ён будзе судзіць сусьвет паводле праведнасьці і змагацца з народамі паводле справядлівасьці.
10 І будзе ГОСПАД умацаваным замкам для ўцісьнёнага, умацаваным замкам у час трывогі.
11 І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, ГОСПАДЗЕ!
12 Выслаўляйце ГОСПАДА, Які сядзіць на Сыёне, апавядайце між народамі ўчынкі Ягоныя!
13 Бо Ён шукае [тых, што пралілі] кроў, памятае пра іх, Ён не забыўся пра крык уцісканых.
14 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ! Глянь на пакуты мае ад тых, што ненавідзяць мяне, — Ты, Які падыймаеш мяне ад брамы сьмерці,
15 каб я абвяшчаў усю хвалу Тваю ў брамах дачкі Сыёну і радаваўся ў збаўленьні Тваім.
16 Уваліліся пагане ў яму, якую зрабілі; у сетку, якую схавалі, патрапіла нага іхняя.
17 ГОСПАД даў пазнаць Сябе, учыніўшы суд; у справах рук сваіх заблытаўся бязбожнік. (Разважаньне. Сэлях)
18 Зыйдуць бязбожнікі ў пекла, усе пагане, якія забыліся пра Бога.
19 Бо не назаўсёды забыты будзе бедны, надзея прыгнечаных ня згіне навекі.
20 Паўстань, ГОСПАДЗЕ, ня дай чалавеку мець перавагу; пагане будуць суджаныя перад абліччам Тваім!
21 Напусьці жах на іх, ГОСПАДЗЕ, каб пазналі пагане, што яны – людзі! (Сэлях)
<- ПСАЛЬМЫ 8ПСАЛЬМЫ 10 ->