Пс 40
1 Кіраўніку хору: псальм Давіда.
2 Спадзеючыся, спадзяваўся я на ГОСПАДА, і Ён схіліўся да мяне, і пачуў лямант мой.
3 І вывеў мяне з ямы бурлівае, з твані балотнае, і паставіў на скале ногі мае, і ўзмоцніў крокі мае.
4 І даў у вусны мае новы сьпеў, хвалу Богу нашаму. Шматлікія ўбачаць [гэта], і будуць баяцца, і будуць спадзявацца на ГОСПАДА.
5 Шчасьлівы чалавек, які пэўнасьць сваю мае ў ГОСПАДЗЕ, і не зьвяртаецца да ганарыстых і тых, якія прыхіляюцца да няпраўды.
6 Шмат учыніў Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, цудаў Тваіх, а намеры Твае дзеля нас ні з чым не параўнаеш перад Табою. Калі б я іх апавядаў і пра іх гаварыў, іх шматкроць больш, чым [можна] палічыць.
7 Ахвяры і дары не даспадобы Табе; вушы Ты мне расчыніў. Цэласпаленьняў і ахвяры за грэх Ты не вымагаеш.
8 Тады я сказаў: “Вось, я іду! У скрутку кнігі напісана пра мяне”.
9 Рабіць тое, што падабаецца Табе, Божа мой, я жадаю, і Закон Твой — у нутры маім.
10 Я дабравесьціў пра праведнасьць у грамадзе вялікай; вось жа, вуснаў сваіх я ня стрымліваў, Ты ведаеш [гэта], ГОСПАДЗЕ.
11 Праведнасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, пра вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё я казаў, міласэрнасьці Тваёй і праўды Тваёй перад грамадой вялікай ня ўтоіваў.
12 ГОСПАДЗЕ, ня стрымлівай літасьці Тваёй адносна мяне; міласэрнасьць Твая і праўда Твая няхай заўсёды захоўваюць мяне,
13 бо агарнулі мяне ліхоцьці бяз ліку, дагналі мяне правіны мае, ажно не магу я іх палічыць, іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне.
14 Мей ласку, ГОСПАДЗЕ, вызваліць мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне!
15 Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што шукаюць душы маёй, каб зьнішчыць яе; няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы ліхоцьце маё.
16 Няхай аслупянеюць у сораме сваім тыя, якія кажуць мне: “Ага, ага!”
17 Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: “Будзь узьвялічаны, ГОСПАДЗЕ!”
18 Хоць я бедны і прыгнечаны, Госпад мой клапоціцца пра мяне. Ты — ўспамога мая і ратунак мой! Не затрымлівайся, мой Божа!
<- ПСАЛЬМЫ 39ПСАЛЬМЫ 41 ->