Мц 28
1 Пасьля суботы, пры надыходзе першага дня пасьля суботы, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
2 І вось стаўся вялікі землятрус; бо анёл Госпадаў, зыйшоўшы з неба, падыйшоўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сеў на ім.
3 А выгляд ягоны быў, як бліскавіца, і адзеньне ягонае белае, як сьнег.
4 І ад страху прад ім затрэсьліся вартаўнікі і сталіся як мёртвыя.
5 А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: «Ня бойцеся; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага.
6 Яго няма тут, бо Ён уваскрос, як казаў. Хадзіце, паглядзіце месца, дзе ляжаў Госпад.
7 І, хутка пайшоўшы, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых, і вось, ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам».
8 І, выйшаўшы хутка з магілы, яны са страхам і радасьцю вялікай пабеглі паведаміць вучням Ягоным.
9 Калі ж яны ішлі паведаміць вучням Ягоным, вось, Ісус сустрэў іх, кажучы: «Радуйцеся!» І яны, падыйшоўшы, абнялі ногі Ягоныя, і пакланіліся Яму.
10 Тады кажа ім Ісус: «Ня бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею; і там яны ўгледзяць Мяне».
11 Калі ж яны ішлі, вось, некаторыя з вартаўнікоў, пайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што сталася.
12 І тыя, сабраўшыся са старшынямі і зрабіўшы нараду, далі даволі грошаў жаўнерам,
13 кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, укралі Яго, калі вы спалі.
14 І, калі пачуе пра гэта ваявода, мы пераканаем яго, і вам учынім, каб ня мелі клопату».
15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. І пашырылася слова гэтае між юдэямі аж да сёньня.
16 А адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды вызначыў ім Ісус.
17 І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.
18 І, падыйшоўшы, Ісус сказаў ім, кажучы: «Дадзена Мне ўся ўлада ў небе і на зямлі.
19 Дык ідзіце, вучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,
20 навучаючы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось, Я з вамі ў-ва ўсе дні да сканчэньня веку». Амэн.
<- МАЦЬВЕЯ 27