Дз 8
1 А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.
2 А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.
3 Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьніцу.
4 А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.
5 Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.
6 І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.
7 Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.
8 І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.
9 А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.
10 І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».
11 Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.
12 А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.
13 Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.
14 Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
15 якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,
16 бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
17 Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.
18 Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
19 кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».
20 Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.
21 Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.
22 Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.
23 Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле няправеднасьці».
24 А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».
25 Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпадава, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.
26 А анёл Госпадаў прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».
27 І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,
28 вяртаўся назад, і сядзеў на калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.
29 А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».
30 Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»
31 Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.
32 А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.
33 У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».
34 Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»
35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.
36 А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»
37 А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».
38 І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.
39 Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпадаў падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.