Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Рым 6
1 Што ж скажам? ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата? Зусім не.
2 Мы памерлі для грэху: як жа нам жыць у ім?
3 Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся?
4 Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці.
5 Бо калі мы паяднаныя зь Ім падабенствам сьмерці Ягонай, дык павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрэсеньня,
6 ведаючы тое, што даўні наш чалавек крыжаваны зь ім, каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху;
7 бо, хто памёр, той вызваліўся ад грэху.
8 Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім,
9 ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае: сьмерць ужо ня мае над Ім улады.
10 Бо, што Ён памёр, дык памёр раз назаўсёды для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога.
11 Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.
12 Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных;
13 і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прыладу няправеднасьці, а аддайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці.
14 Грэх не павінен над вамі валадарыць, бо вы не пад законам, а пад мілатою.
15 Што ж? ці будзем грашыць таму, што мы не пад законам, а пад мілатою? Зусім не!
16 Няўжо вы ня ведаеце, што, каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы, каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць?
17 Дзякаваць Богу, што вы, якія раней былі рабамі грэху, ад сэрца сталіся паслухмяныя таму вобразу вучэньня, якому аддалі сябе.
18 А вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці.
19 Кажу паводле развагі людзкое, дзеля немачы плоці вашай. Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так зараз аддайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя.
20 Бо, калі вы былі рабамі грэху, тады былі вольныя ад праведнасьці.
21 Які ж плён мы мелі тады? такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні - сьмерць.
22 А сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец - жыцьцё вечнае.
23 Бо расплата за грэх - сьмерць, а дар Божы - жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым.

<- РЫМЛЯНАЎ 5РЫМЛЯНАЎ 7 ->