Адкр 20
1 І ўгледзеў я анёла, што сыходзіў зь неба, які меў ключ да бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
2 Ён узяў цмока, зьмея адвечнага, які ёсьць д'ябал і сатана і скаваў яго на тысячу гадоў,
3 і ўкінуў яго ў бездань, і ўвязьніў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ня зводзіў ужо народы, пакуль ня мінецца тысяча гадоў; а пасьля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
4 І ўгледзеў я троны і тых, што сядзелі на іх, якім дадзена было судзіць, і душы абезгалоўленых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, якія не пакланіліся зьверу, ні вобразу ягонаму, і не прынялі кляйма на лоб свой і на руку сваю. Яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў;
5 а рэшта памерлых не ажылі, пакуль ня мінецца тысяча гадоў. Гэта - першае ўваскрэсеньне.
6 Дабрашчасны і сьвяты, хто мае ўдзел ва ўваскрэсеньні першым: над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць зь Ім тысячу гадоў.
7 А як мінецца тысяча гадоў, сатана будзе вызвалены зь цямніцы сваёй і выйдзе ўводзіць у змусту народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, і зьбіраць іх на бітву; лік іхні - як пясок марскі.
8 І выйшлі на шырыню зямлі і аблажылі табар сьвятых і горад любасны.
9 І ўпаў вагонь зь неба ад Бога і зжэр іх;
10 а д'ябал, які зводзіў іх, укінуты ў возера вогненнае і сернае, дзе зьвер і ілжэпрарок, і будуць пакутаваць дзень і ноч ва векі вечныя.
11 І ўгледзеў я вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякала неба і зямля, і не знайшлося ім месца.
12 І ўгледзеў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам, і кнігі разгонутыя былі; і іншая кніга разгорнутая, якая ёсьць кніга жыцьця; і суджаны былі мёртвыя, згодна з напісаным у кнігах, паводле ўчынкаў сваіх.
13 Тады аддало мора мёртвых, што былі ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх,
14 і сьмерць і пекла ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта - сьмерць другая.
15 І хто ня быў запісаны ў кнізе жыцьця, той быў укінуты ў возера вогненнае.
<- АДКРЫЦЦЁ 19АДКРЫЦЦЁ 21 ->