Пс 93
1 Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня.
Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!
2 Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.
3 Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?
4 Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;
5 топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.
6 Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,
7 і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.
8 Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?
9 Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?
10 Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, - Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?
11 Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.
12 Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,
13 каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!
14 Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.
15 Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.
16 Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?
17 Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.
18 Калі я казаў: хістаецца нага мая, - ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.
19 Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.
20 Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?
21 Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.
22 Але Гасподзь - абарона мая, і Бог мой - цьвярдыня прытулку майго,
23 і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.
<- ПСАЛТЫР 92ПСАЛТЫР 94 ->