Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Пс 71
1 Пра Саламона. Псальма Давідава.
Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду,
2 няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе;
3 няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду;
4 няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, -
5 і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў.
6 Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю;
7 У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц:
8 ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі;
9 упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл;
10 цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць;
11 і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму;
12 бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае,
13 умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе;
14 ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі;
15 і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго;
16 на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі;
17 будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго.
18 Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды,
19 і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін.
20 Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага.

<- ПСАЛТЫР 70ПСАЛТЫР 72 ->