Пс 62
1 Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.
2 Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай,
3 каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні:
4 бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе.
5 Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму.
6 Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць,
7 калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную,
8 бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся;
9 Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне.
10 А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі;
11 паб'юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў;
12 а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.
<- ПСАЛТЫР 61ПСАЛТЫР 63 ->