Пс 47
1 Песьня. Псальма сыноў Карэевых.
2 Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі ў горадзе Бога нашага, на сьвятой гары Ягонай.
3 Прыгожае ўзвышша, радасьць усёй зямлі гара Сіён; на паўночным схіле яе горад вялікага Цара.
4 Бог у харомах ягоных вядомы як цьвярдыня:
5 бо вось, сышліся цары і прайшлі ўсе міма;
6 убачылі і дзіву даліся, спалохаліся і паўцякалі:
7 агарнуў іх там страх і пакута, быццам боль парадзіху;
8 усходнім ветрам разьбіў Ты Тарсіскія караблі.
9 Як мы чулі, так і ўбачылі ў горадзе Госпада сілы, у горадзе Бога нашага; Бог уцьвердзіць яго навечна.
10 Разважалі мы, Божа, пра добрасьць Тваю пасярод храма Твайго.
11 Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краю зямлі; правіца Твая поўная праўды.
12 Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі юдэйскія дзеля судоў Тваіх, Госпадзе.
13 Атачэце Сіён, і абступеце яго; палічэце ягоныя вежы;
14 Зьвярнеце сэрца ваша на ўмацаваньні ягоныя; разгледзьце будынкі ягоныя, каб расказаць пакаленьню наступнаму,
15 бо гэты Бог ёсьць Бог наш на векі вечныя; Ён будзе павадыром нам да самае сьмерці.
<- ПСАЛТЫР 46ПСАЛТЫР 48 ->