Пс 40
1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
2 Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь.
3 Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных.
4 Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай.
5 Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою.
6 Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?»
7 І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое.
8 Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць:
9 «слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане».
10 Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу.
11 А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу.
12 З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне,
13 а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна.