Пс 24
1 Псальма Давідава.
Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю.
2 Божа мой! на цябе спадзяюся, хай ня будзе мне сорамна, хай не апануюць мяне мае ворагі.
3 Хай ня будзе сораму ўсім, хто на Цябе спадзяецца: хай будзе тым брыдка, хто бяз прычыны беззаконьне ўчыняе.
4 Пакажы мне, Госпадзе, дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае.
5 Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго; на Цябе спадзяюся кожны дзень.
6 Успомні шчадроты Твае, Госпадзе, і міласэрнасьць Тваю, бо спрадвеку яны.
7 Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; з ласкі Тваёй успомні мяне Ты, Госпадзе, дзеля даброці Тваёй!
8 Добры і справядлівы Гасподзь; таму настаўляе грэшных на шлях,
9 вядзе пакорлівых да праўды, і навучае ціхмяных шляхам Сваім.
10 Усе дарогі Гасподнія - міласьць і праўда тым, хто трымаецца запавету Ягонага і адкрыцьця Ягонага.
11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, даруй мне мой грэх; бо вялікі ён.
12 Хто ёсьць чалавек, што баіцца Госпада? Яму пакажа Ён шлях, які трэба абраць.
13 Душа ягоная жыцьме ў дабры, і род ягоны ўспадкуе зямлю.
14 Тайна Гасподняя тым, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён ім адкрывае.
15 Вочы мае заўсёды да Госпада; бо Ён дастае зь сеткі ногі мае.
16 Паглядзі на мяне і пашкадуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны.
17 Скруха сэрца майго павялічылася; выведзі мяне зь нягодаў маіх,
18 падзівіся на пакуты мае і на зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае.
19 Падзівіся на ворагаў маіх, як іх многа, і якою нянавісьцю ненавідзяць мяне.
20 Аслані душу маю, і ўратуй мяне, хай ня будзе мне сораму, што я на Цябе спадзяюся.
21 Беззаганнасьць і слушнасьць хай ахаваюць мяне; бо я на Цябе спадзяюся.