Пс 18
1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава.
2 Нябёсы прапаведуюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь.
3 Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адмыкае веды.
4 Няма мовы, і няма гаворкі, дзе ня чуўся б іхні голас.
5 Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук, і па край сьвету словы іхнія. Ён паставіў у іх жытло сонцу,
6 і яно выходзіць, як малады са шлюбных харомаў сваіх, радуецца, быццам волат, прабегчы дарогу-прагон:
7 ад краю нябёсаў зыход ягоны, і шэсьце ягонае да краю іхняга, і нічога не схавана ад ягонае цяплыні.
8 Закон Госпада дасканалы, ён мацуе душу; адкрыцьцё Госпада слушнае, умудрае простых.
9 Загады Госпада справядлівыя, разьвясельваюць сэрца; наказ Госпада сьветлы, прасьвятляе вочы.
10 Страх Гасподні чысты, застаецца навечна. Суды Гасподнія - ісьціна, усе справядлівыя;
11 яны больш жаданыя за золата і нават за мноства золата чыстага, за мёд саладзейшыя і за кропелькі з сотаў;
12 і раб Твой вартуецца імі; у захаваньні іхнім вялікая дзяка.
13 Хто ўгледзіць пагрэшкі свае? Ад тайных маіх ачысьці мяне,
14 і ад наўмысных утрымай раба Твайго, каб не завалодалі мною. Тады я буду беззаганны і чысты ад вялікай разбэшчанасьці.
15 Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой!
<- ПСАЛТЫР 17ПСАЛТЫР 19 ->