Пс 144
1 Хвала Давідава.
Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя.
2 Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя.
3 Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная.
4 Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю.
5 А я буду разважаць пра высокую славу велічы Тваёй і пра высокія чыны дзеі Твае.
6 Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю.
7 Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю.
8 Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны.
9 Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных.
10 Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;
11 хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,
12 каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.
13 Царства Тваё - царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё - ва ўсе роды.
14 Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.
15 Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;
16 адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.
17 Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх.
18 Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.
19 Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх.
20 Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае.
21 Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.
<- ПСАЛТЫР 143ПСАЛТЫР 145 ->