КНІГА ВЫСЛОЎЯЎ САЛАМОНАВЫХ
Выс 1
1 Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.
2 Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;
3 засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;
4 прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;
5 паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;
6 каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.
7 Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.
8 Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:
9 бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.
10 Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.
11 Калі будуць казаць: «ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,
12 жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;
13 набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;
14 далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас»:
15 Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,
16 бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.
17 На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;
18 а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.
19 Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.
20 Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,
21 на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:
22 «Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?
23 паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.
24 Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;
25 і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:
26 за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;
27 калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.
28 Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.
29 За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,
30 не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;
31 за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.
32 Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.