Лікі 34
1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
2 загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, дык вось зямля, якая дастанецца вам у надзел, зямля Ханаанская зь яе межамі:
3 паўднёвы бок будзе ў вас ад пустыні Сін, каля Эдома, і пойдзе ў вас паўднёвая мяжа ад канца Салёнага мора з усходу,
4 і пойдзе мяжа на поўдзень да ўзвышша Акравіма і пойдзе праз Сін, і будуць выступы яе на поўдзень да Кадэс-Варні, адтуль пойдзе да Гацар-Адара і пройдзе праз Ацмон;
5 ад Ацмона пойдзе мяжа да патока Егіпецкага, і будуць выступы яе да мора;
6 а мяжою заходняю будзе ў вас вялікае мора: гэта будзе ў вас мяжа на захад;
7 а на поўнач будзе ў вас мяжа: ад вялікага мора правядзеце яе да гары Ор,
8 ад гары Ор правядзеце да Эмата, і будуць выступы мяжы да Цэдада;
9 адтуль пойдзе мяжа да Цыфрона, і выступы яе будуць да Гацар-Энана: гэта будзе ў вас мяжа паўночная;
10 мяжу ўсходнюю правядзеце сабе ад Гацар-Энана да Шэфама,
11 ад Шэфама пойдзе мяжа да Рыблы, з усходняга боку Аіна, потым пойдзе мяжа і кранецца берагоў мора Кінэрэт з усходняга боку;
12 і пойдзе мяжа да Ярдана, і будуць выступы яе да Салёнага мора. Гэта будзе мяжа ваша ў межах яе з усіх бакоў.
13 І загадаў Майсей сынам Ізраілевым і сказаў: вось зямля, якую вы падзеліце на надзелы па жэрабі, якую загадаў Гасподзь даць дзевяці плямёнам і палавіне племя;
14 бо племя сыноў Рувімавых паводле сямействаў іхніх, і племя сыноў Гадавых паводле сямействаў іхніх, і палавіна племя Манасіінага, атрымалі надзел свой;
15 два плямёны і палавіна племя атрымалі надзел свой за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.
16 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:
17 вось імёны мужоў, якія будуць дзяліць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў;
18 і па адным князі ад племя вазьмеце для падзелу зямлі.
19 І вось імёны гэтых мужоў: для племя Юдавага Халеў, сын Ефаніін;
20 для племя сыноў Сымонавых Самуіл, сын Аміудаў;
21 для племя Веньямінавага Элідад, сын Кіслонаў;
22 для племя сыноў Данавых князь Букій, сын Ёгліі;
23 для сыноў Язэпавых, для племя сыноў Манасііных князь Ханііл, сын Эфодаў;
24 для племя сыноў Яфрэмавых князь Кемуіл, сын Шыфтанаў;
25 для племя сыноў Завулонавых князь Эліцафан, сын Фарнакаў;
26 для племя сыноў Ісахаравых князь Фалтыіл, сын Азанаў;
27 для племя сыноў Асіравых князь Ахіуд, сын Шэломія;
28 для племя сыноў Нэфталімавых князь Пэдаіл, сын Аміудаў;
29 вось тыя, каму загадаў Гасподзь падзяліць надзелы сынам Ізраілевым у зямлі Ханаанскай.
<- ЛІКІ 33ЛІКІ 35 ->