Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Мц 19
1 І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана.
2 За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.
3 І падступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?
4 Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Творца спачатку стварыў іх мужчынаю і жанчынаю?
5 І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоцьцю адною,
6 так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. Значыцца, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.
7 Яны кажуць Яму: як жа Майсей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца зь ёю?
8 Ён кажа ім: Майсей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку ня было так.
9 Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенай, пералюб чыніць.
10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.
11 А Ён сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,
12 бо ёсьць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсьць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа ўцяміць, няхай уцяміць.
13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.
14 Але Ісус сказаў: пусьцеце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.
15 І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
16 І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
17 А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, трымайся запаведзяў.
18 Кажа Яму: якіх? А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва;
19 шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.
20 Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?
21 Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.
22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.
23 А Ісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае;
24 і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
25 Пачуўшы гэта, вучні Ягоныя вельмі зьдзівіліся і сказалі: дык хто ж можа ўратавацца?
26 А Ісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.
27 Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою; што ж будзе нам?
28 А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, - у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на троне славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці тронах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;
29 і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.
30 А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

<- МАЦЬВЕЯ 18МАЦЬВЕЯ 20 ->