Ёў 17
1 Дыханьне маё аслабла; дні мае згасаюць; магілы перад мною.
2 Калі б не пакепнікі іхнія, дык і ў спрэчках іхніх вока маё заставалася б спакойнае.
3 Заступіся, паручыся Сам за мяне прад Сабою! інакш хто паручыцца за мяне?
4 Бо Ты зачыніў сэрца іхняе ад разуменьня, і таму не даеш перамагчы ім.
5 Хто асуджае сяброў сваіх на здабычу, у дзяцей таго вочы растануць.
6 Ён зрабіў мяне прыпавесьцю ў народа і пасьмешышчам у яго.
7 Замглілася ад гароты вока маё, і ўсе чэлесы мае, як цень.
8 Моцна зьдзівяцца з гэтага праведныя, і невінаваты абурыцца з крывадушніка.
9 Але праведны будзе моцна трымацца шляху свайго, і чысты рукамі будзе болей і болей мацавацца.
10 Выступайце, усе вы, і падыдзеце; не знайду я мудрага сярод вас.
11 Дні мае прайшлі; думы мае - здабытак сэрца майго - разьбітыя.
12 А яны ноч хочуць ператварыць у дзень, сьвятло наблізіць да твару цемры.
13 Калі б я і пачаў чакаць, дык апраметная дом мой; у цемры пасьцялю я пасьцель сваю;
14 магіле скажу: ты за бацьку мне, чарвяку: ты маці мая і сястра мая.
15 Дзе ж пасьля гэтага надзея мая? і чаканае мною хто пабачыць?