Ёў 15
1 І адказаў Эліфаз з Тэману, і сказаў:
2 «Ці ж будзе мудры адказваць на словы пустыя, і ці напоўніць жывот свой ветрам палючым?
3 Ці будзе спрачацца словамі пустымі і словамі, якія нічым не дапамогуць?
4 Ты адкідаеш страх Божы і аслабляеш малітву да Бога.
5 Вусны твае гавораць паводле сапсутасьці тваёй, і ты карыстаешся мовай хітруноў.
6 Асуджаюць цябе вусны твае, але ня я, і губы твае сьведчаць супраць цябе.
7 Ці ты — першы чалавек, які нарадзіўся, і ці ты створаны раней за ўзгоркі?
8 Ці ты слухаў на нарадзе з Богам і ўзяў сабе мудрасьць?
9 Ці ты нешта ведаеш, чаго мы ня ведаем? Або нешта разумееш, чаго мы не разумеем?
10 Паміж нас ёсьць і старыя, і сівыя, старэйшыя, чым дні бацькі твайго.
11 Ці табе мала пацяшэньня Божага і лагоднага слова, якое табе сказанае?
12 Чаму так абураецца сэрца тваё, і чаму так ганарліва глядзяць вочы твае,
13 што ты гневаешся на Бога і вырываюцца такія словы з вуснаў тваіх?
14 Хто такі чалавек, каб быць яму беззаганным? І ці можа быць праведным народжаны жанчынаю?
15 Ён сьвятым Сваім не давярае, і нябёсы нячыстыя ў вачах Ягоных.
16 Тым больш брыдкі і сапсуты чалавек, які, як ваду, п’е ліхоту.
17 Паслухай мяне, і я распавяду табе, і тое, што бачыў, раскажу табе,
18 што мудрыя чулі і ня ўтойвалі гэтага бацькі іхнія.
19 Ім толькі была дадзена зямля, і паміж іх не хадзіў чужынец.
20 Бязбожнік мучыцца праз усё жыцьцё сваё, і няпэўны лік гадоў злачынцы.
21 Ён заўсёды чуе крык жахлівы вушамі сваімі, і калі падаецца, што ўсё спакойна, на яго нападае нішчыцель.
22 Ён ня верыць, што можа вырвацца з цемры, яму прызначана ад мяча загінуць.
23 Ён бадзяецца, [шукаючы] хлеба, і дзе ён? І ён ведае, што падрыхтаваны для яго дзень цемры.
24 Палохае яго бяда, і мучэньне на яго нападае, як валадар, падрыхтаваны да бою.
25 Выцягвае ён руку сваю на Бога і хоча працівіцца Усемагутнаму,
26 і бяжыць на Яго з выцягнутай шыяй пад заслонай тоўстага шчыта.
27 Ён пакрыў твар свой тлушчам сваім, а з бакоў ягоных сала зьвісае.
28 Ён жыве ў гарадах апусьцелых, і ў дамах неабжытых, даведзеных да заняпаду.
29 Ён ня будзе багаты, і не захаваецца маёмасьць ягоная, і на зямлі ён не запусьціць каранёў.
30 Ня выберацца ён з цемры, і сьпёка спаліць парасткі ягоныя, і вецер абаб’е першацьвет ягоны.
31 Няхай ня верыць марнасьці ашуканы, бо марнасьць будзе ўзнагародай ягонай.
32 Перш, чым спыняцца дні ягоныя, ён зьвяне, і галіны ягоныя не зазелянеюць.
33 Скіне ён, як вінаградная лаза, недасьпелыя гронкі, і, як аліўка, страсе кветкі свае.
34 Грамада бязбожніка будзе бясплоднай, агонь спаліць намёты хабарнікаў.
Languages