Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Ер 19
1 Так сказаў Гасподзь: ідзі і купі гліняны збанок у ганчара; і вазьмі з сабою старэйшынаў з народу, і са старэйшынаў сьвятарскіх,
2 і выйдзі ў даліну сыноў Эномавых, якая каля брамы Харшыт, і абвясьці там словы, якія Я кажу табе,
3 і скажы: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і жыхары Ерусаліма! Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду бедства на мясьціну гэтую, - пра якую калі хто пачуе, у таго зазьвініць у вушах, -
4 за тое, што яны пакінулі Мяне, і счужынілі Мне мясьціну гэтую, і кадзяць на ёй іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, ні цары Юдэйскія; напоўнілі мясьціну гэтую крывёю невінаватых
5 і насыпалі вышыні Ваалу, каб паліць сыноў сваіх агнём на цэласпаленьне Ваалу, чаго Я не загадваў і не казаў, і чаго Мне нават наўме ня было;
6 затое вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі мясьціна гэтая ня будзе больш называцца Тафэтам альбо далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства.
7 Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліма на месцы гэтым і зваюю іх мечам перад абліччам ворагаў іхніх і рукою шукальнікаў душы іхняй, і аддам трупы іх на ежу птушкам нябесным і зьвярам зямным
8 І зраблю горад гэты жахам і пасьмешышчам; кожны хто праходзіцьме празь яго, зьдзівіцца і пасьвішча, гледзячы на ўсе раны ягоныя.
9 І накармлю іхняй плоцьцю сыноў іхніх і плоцьцю дачок іхніх; і будзе кожны есьці плоць свайго блізкага ў аблозе і сьціску, калі сьціснуць іх ворагі іхнія і шукальнікі душы іхняй.
10 І разьбі збанок на вачах у тых мужоў, якія прыйдуць з табою,
11 і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: так скрышу Я народ гэты і горад гэты, як скрышаны ганчарны посуд, які ўжо ня можа быць адноўлены, і будуць хаваць іх у Тафэце ад недахопу месца пад пахаваньне.
12 Так зраблю і зь месцам гэтым, кажа Гасподзь, і з жыхарамі яго; і горад гэты зраблю падобным на Тафэт.
13 І дамы Ерусаліма і дамы цароў Юдэйскіх будуць, - як месца Тафэт, - нячыстыя, бо на дахах усіх дамоў кадзяць усяму войску нябеснаму і ўчыняюць ахвяраваньні божышчам чужым.
14 І прыйшоў Ерамія з Тафэта, куды Гасподзь пасылаў яго прарочыць, і стаў на дварэ дома Гасподняга і сказаў усяму народу:
15 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе гарады яго ўсё тое бедства, якое вымавіў на яго, бо яны - цьвердалобыя і не слухаюць слоў Маіх.

<- ЕРАМІІ 18ЕРАМІІ 20 ->