Ер 14
1 Слова Госпада, якое было Ераміі з нагоды бездажджэўя.
2 Плача Юда, брамы ягоныя распаліся, пачарнелі на зямлі, і енк падымаецца ў Ерусаліме.
3 Вяльможы пасылаюць слуг сваіх па ваду; яны прыходзяць да калодзежаў і не знаходзяць вады; вяртаюцца з парожнім посудам; прысаромленыя і зьбянтэжаныя, яны пакрываюць свае галовы.
4 Як бо глеба патрэскалася ад таго, што ня было дажджу на зямлю, дык і земляробы зьбянтэжаныя і пакрываюць свае галовы.
5 Нават і касуля нараджае на полі і пакідае дзяцей, бо няма травы.
6 І дзікія аслы стаяць на ўзвышаных мясьцінах і глытаюць, нібы шакалы, паветра; вочы ў іх зацьміліся, бо няма травы.
7 Хоць нашыя беззаконьні сьведчаць супроць нас, але Ты, Госпадзе, твары з намі дзеля імя Твайго; адступніцтва наша вялікае, зграшылі мы перад Табою.
8 Надзея Ізраіля, Ратаўнік яго ў часы скрухі! Навошта Ты - як чужынец, у гэтай зямлі, як праходжы, які зайшоў заначаваць?
9 Навошта Ты - як чалавек зьдзіваваны, як дужы, як той, што ня мае сілы выратаваць? І аднак жа Ты, Госпадзе, сярод нас, і Тваё імя названа над намі; не пакідай нас.
10 Так кажа Гасподзь народу гэтаму: за тое, што яны любяць бадзяцца, ня стрымліваюць ног сваіх, за тое Гасподзь не дабраволіць ім, нагадвае сёньня беззаконьні іхнія і карае грахі іхнія.
11 І сказаў мне Гасподзь: ты не маліся за народ гэты на дабро яму.
12 Калі яны будуць пасьціцца, Я не пачую енку іхняга; і калі ўзьнясуць цэласпаленьне і дарунак, ня прыму іх; але мечам і голадам і згубнаю пошасьцю вынішчу іх.
13 Тады скажу я: Госпадзе Божа! вось, прарокі кажуць ім: ня ўбачыце меча, і голаду ня будзе ў вас, а пастаянны мір дам вам на гэтым месцы.
14 І сказаў мне Гасподзь: прарокі прарочаць няпраўду імем Маім; Я не пасылаў іх і не даваў ім загаду, і не казаў ім; яны вяшчаюць вам уявы фальшывыя і варажбу, і пустое і мроі сэрца свайго.
15 Таму так кажа Гасподзь пра прарокаў: яны прарочаць імем Маім, а Я не пасылаў іх; яны кажуць: «меча і голаду ня будзе на гэтай зямлі»: мечам і голадам будуць вынішчаны гэтыя прарокі,
16 і народ, якому яны прарочаць, раскіданы будзе па вуліцах Ерусаліма ад голаду і меча, і ня будзе каму хаваць іх, - яны і жонкі іхнія, і сыны іхнія і дочкі іхнія; і Я вылью на іх ліхату іхнюю.
17 І скажы ім слова гэтае: хай ліюцца з вачэй маіх сьлёзы ноч і дзень, і хай не прасыхаюць; бо вялікай уразаю ўражана дзева, дачка народа майго, цяжкім ударам.
18 Я выходжу на поле, - і вось, пабітыя мечам; уваходжу ў горад, - і вось тыя, што растаюць ад голаду; нават і прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі несьвядома.
19 Хіба ты зусім адкінуў Юду? Хіба душы тваёй спрыкраў Сіён? Навошта ўразіў нас так, што няма нам ацаленьня? Чакаем міру - і нічога добрага няма; чакаем часіны ацаленьня - і вось, жахі.
20 Усьведамляем, Госпадзе, бязбожнасьць нашую, беззаконства бацькоў нашых; бо зграшылі мы перад Табою.
21 Не адкінь нас дзеля імя Твайго; не прыніжай трона славы Тваёй: узгадай, не разбурай запавету Твайго з намі.
22 Ці ёсьць сярод марных божышчаў язычніцкіх такія, што твораць дождж? альбо ці можа неба само па сабе падаваць зьліву? ці ня Ты гэта, Госпадзе Божа наш? на Цябе спадзяёмся мы; бо Ты творыш усё гэта.
<- ЕРАМІІ 13ЕРАМІІ 15 ->