КНІГА ПРАРОКА ЕРАМІІ
Ер 1
1 Слова Ераміі, сына Хэлкіінага, са сьвятароў у Анатоце, у зямлі Веньямінавай,
2 якому было слова Гасподняе ў дні Ісаі, сына Амонавага, цара Юдэйскага, у трынаццаты год цараваньня яго,
3 і таксама ў дні Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да канца адзінаццатага года Сэдэкіі, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да перасяленьня Ерусаліма ў пятым месяцы.
4 І было мне слова Гасподняе:
5 раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым ты выйшаў з нутробы, Я асьвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе.
6 А я сказаў: о Госпадзе Божа! я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады.
7 Але Гасподзь сказаў мне: не кажы «я малады»; бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш.
8 Ня бойся іх; бо Я з табою, каб выбаўляць цябе, сказаў Гасподзь.
9 І працягнуў Гасподзь руку Сваю і дакрануўся да вуснаў маіх; і сказаў мне Гасподзь: вось, Я ўклаў словы Мае ў вусны твае.
10 Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і царствамі, каб выкараняць і спусташаць, губіць і разбураць, ствараць і садзіць.
11 І было слова Гасподняе мне: што бачыш ты, Ерамія? Я сказаў: бачу посах зь міндальнага дрэва.
12 Гасподзь сказаў мне: ты правільна бачыш; бо Я чуваю над словам Маім, каб яно хутка спраўдзілася.
13 І было слова Гасподняе мне другі раз: «што бачыш ты? Я сказаў: бачу паддзіманы ветрам кацёл кіпеню, і аблічча яго з боку поўначы.
14 І сказаў мне Гасподзь: з поўначы адкрыецца бедства на ўсіх насельнікаў гэтай зямлі.
15 Бо вось, Я паклічу ўсе плямёны царстваў паўночных, кажа Гасподзь, і прыйдуць яны, і паставяць - кожны - трон свой каля ўваходу ў браму Ерусаліма, і вакол усіх сьцен яго, і ва ўсіх гарадах Юдэйскіх.
16 І выкажу над імі прысуды Мае за ўсе беззаконнасьці іхнія, за тое, што яны пакінулі Мяне, і курылі фіміям чужаземным багам і пакланяліся дзеям рук сваіх.
17 І ты аперажы сьцёгны свае, і ўстань і скажы ім усё, што Я накажу табе; не маладушнічай перад імі, каб Я не забіў цябе на вачах у іх.
18 І вось, Я паставіў цябе сёньня ўмацаваным горадам і жалезным слупам і меднаю сьцяною на ўсёй гэтай зямлі, супроць цароў і Юды, супроць князёў яго, супроць сьвятароў яго і супроць народа зямлі гэтай.
19 Яны будуць ваяваць супроць цябе, але не перамогуць цябе; бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб выбаўляць цябе.
ЕРАМІІ 2 ->