Іс 63
1 Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? - «Я - Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць».
2 Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе - як у таптальніка ў чавільні?
3 «Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё;
4 бо дзень помсты - у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў.
5 Я глядзеў, - і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая - яна падтрымала Мяне:
6 і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю».
7 Узгадаю міласьці Гасподнія і славу Гасподнюю за ўсё, што Гасподзь дараваў нам, і вялікую даброць Ягоную дому Ізраілеваму, якую ўзычыў Ён яму зь міласэрнасьці Сваёй і ад мноства шчадротаў Сваіх.
8 Ён сказаў: «сапраўды яны - народ Мой, дзеці, якія ня зманяць», - і Ён ім Збаўца.
9 У любым смутку іхнім Ён не пакідаў іх, і анёл аблічча Ягонага ратаваў іх; зь любові Сваёй і добрасардэчнасьці Сваёй Ён адкупіў іх, узяў і насіў іх усе дні старадаўнія.
10 Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.
11 Тады народ Ягоны ўспомніў даўнія дні Майсеевыя: дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? дзе Той, Які ўклаў у сэрца ягонае Сьвятога Духа Свайго,
12 Які вёў Майсея за правую руку велічнаю мышцаю Сваёю, разьдзяліў перад ім воды, каб зрабіць сабе вечнае імя;
13 Які вёў іх церазь бездані, як каня па стэпе, і яны не спатыкаліся?
14 Як статак сыходзіць у даліну, - Дух Гасподні вёў іх да спакою. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе славутае імя.
15 Прыгледзься зь нябёсаў і паглядзі з жытлішча сьвятыні Тваёй і славы Тваёй: дзе руплівасьць Твая і магутнасьць Твая? - узрушэньне нутробы Тваёй і міласьці Твае да мяне затрыманы.
16 Толькі Ты - Айцец наш; бо Абрагам не пазнае нас, і Ізраіль не прызнае нас за сваіх; Ты, Госпадзе, - Айцец наш, ад веку імя Тваё: «Адкупнік наш».
17 Навошта, Госпадзе, Ты дапусьціў нам зьбіцца з дарог Тваіх, зжарсьцьвець сэрцу нашаму, каб не баяцца Цябе? Зьвярніся дзеля рабоў Тваіх, дзеля родаў спадчыны Тваёй.
18 Нядоўгі час валодаў ім народ сьвятыні Тваёй: ворагі нашыя патапталі сьвяцілішча Тваё.
19 Мы зрабіліся такімі, над якімі Ты як бы ніколі не валадарыў, і над якімі не называлася імя Тваё.
<- ІСАІ 62ІСАІ 64 ->