Ас 5
1 Слухайце гэта, сьвятары, і ўважайце, дом Ізраілеў, і прыхілеце вуха, дом цара; бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю ў Масіфе і сеткаю, раскінутаю ў Таворы.
2 Глыбока загразлі ў распусьце яны; але Я пакараю ўсіх іх.
3 Яфрэма Я ведаю, і Ізраіль не схаваны ад Мяне; бо ты блудадзейнічаеш, Яфрэме, і Ізраіль апаганіўся.
4 Справы іхнія не дазваляюць ім зьвярнуцца да Бога свайго, бо дух распусты ўсярэдзіне ў іх, і Госпада яны не спазналі.
5 І гонар Ізраілеў прыніжаны ў вачах у іх; і Ізраіль і Яфрэм загінуць ад бязбожнасьці сваёй; упадзе і Юда зь імі.
6 З авечкамі сваімі пойдуць шукаць Госпада і ня знойдуць Яго: Ён адыдзе ад іх.
7 Госпаду яны здрадзілі, бо нарадзілі чужых дзяцей; сёньня новы месяц зьесьць іх зь іхняй маёмасьцю.
8 Затрубеце рогам у Гіне, трубою ў Раме; узвышайце голас у Бэтавэме: за табою, Веньяміне!
9 Яфрэм зробіцца пустэльняю ў дзень пакараньня; паміж плямёнамі Ізраілевымі Я ўзьвясьціў гэта.
10 Правадыры Юдавы сталі падобнымі на тых, што перасоўваюць межы: вылью на іх гнеў Мой, як ваду.
11 Прыгнечаны Яфрэм, уражаны судом; бо захацеў хадзіць сьледам за марнымі.
12 І буду як моль Яфрэму і як чарвяк дому Юдаваму.
13 І ўбачыў Яфрэм хваробу сваю і Юда - сваю рану, і пайшоў Яфрэм да Асура і паслаў да цара Ярэва; але ён ня можа ацаліць вас, і ня вылечыць вас ад раны.
14 Бо Я як леў Яфрэму і як ільвяня дому Юдаваму; Я, Я разарву і пайду; панясу - і ніхто ня выратуе.