Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Эзд 6
1 Тады цар Дарый даў загад, і шукалі ў Вавілоне ў кнігасховішчы, куды складвалі скарбы.
2 І знойдзены ў Экбатане ў палацы, які ў вобласьці Мідыі, адзін сьвітак, і ў ім напісана так: Для памяці:
3 у першы год цара Кіра, цар Кір даў загад пра дом Божы ў Ерусаліме: хай будуецца дом на тым месцы, дзе прыносяць ахвяры, і хай будзе пакладзены моцны падмурак пад яго; вышыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў, шырыня яго ў шэсьцьдзясят локцяў;
4 радоў з камянёў вялікіх тры, і рад з драўніны адзін; а выдаткі хай выдаюцца з царскага дома.
5 Ды і посуд дома Божага, залаты і срэбны, які Навухаданосар вынес з храма Ерусалімскага і занёс у Вавілон, хай вернецца і пойдзе ў храм Ерусалімскі, кожны на месца сваё: і зьмешчаны будзе ў доме Божым.
6 Дык вось, Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, і Шэтар-Бознай, з таварышамі вашымі Афарсахэямі, якія за ракою, - сыдзеце адтуль.
7 Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго.
8 І ад мяне даецца загад пра тое, чым вы павінны садзейнічаць старэйшынам тым Юдэйскім у пабудове таго дома Божага, і: з маёмасьці царскай - з зарэціх падаткаў - без адкладу бярэце і давайце тым людзям, каб праца ня спынялася;
9 і колькі трэба - хай тое цялят, альбо авечак і ягнят, на цэласпаленьні Богу нябеснаму, таксама пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары Ерусалімскія, хай выдаецца ім дзень у дзень без затрымкі,
10 каб яны прыносілі ахвяру прыемную Богу нябеснаму і маліліся за жыцьцё цара і сыноў ягоных.
11 А мною даецца загад, што калі які-небудзь чалавек зьменіць гэта вызначэньне, дык будзе вынята бервяно з дома ягонага і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом яго за тое будзе ператвораны ў руіны.
12 І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна.
13 Тады Татнай, зарэцкі начальнік вобласьці, Шэтар-Бознай і таварышы іхнія, - як загадаў цар Дарый, так дакладна і рабілі.
14 І старэйшыны Юдэйскія будавалі з посьпехам, паводле прароцтва Агея прарока і Захара, сына Ады. І пабудавалі і закончылі, па волі Бога Ізраілевага і па волі Кіра і Дарыя і Артаксэркса, цароў Персідскіх.
15 І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя.
16 І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю.
17 І прынесьлі пры асьвячэньні гэтага дома Божага: сто валоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнят і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, па колькасьці плямёнаў Ізраілевых.
18 І паставілі сьвятароў па аддзяленьнях іхніх, і лявітаў па чэргах іхніх на службу Божую ў Ерусаліме, як прадпісана ў кнізе Майсея.
19 І ўчынілі вяртанцы з палону пасху на чатырнаццаты дзень першага месяца,
20 бо ачысьціліся сьвятары і лявіты, - усе яны, як адзін, чыстыя; і закалолі ягнят пасхальных дзеля ўсіх, што вярнуліся з палону, дзеля братоў сваіх сьвятароў і дзеля сябе.
21 І елі сыны Ізраілевыя, якія вярнуліся зь перасяленьня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нечысьціні народаў зямлі, каб прыйсьці да Госпада Бога Ізраілевага.
22 І сьвяткавалі сьвята праснакоў сем дзён у радасьці, бо парадаваў іх Гасподзь і павярнуў да іх сэрца цара Асірыйскага, каб мацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве дома Госпада Бога Ізраілевага.

<- ЭЗДРЫ 5ЭЗДРЫ 7 ->