Езк 44
1 І прывёў ён мяне назад да зьнешняй брамы сьвятыні, якая выходзіла на ўсход, і яна была зачыненая.
2 І сказаў мне Гасподзь: брама гэтая будзе зачыненая, не адчыніцца, і ніякі чалавек ня ўвойдзе празь яе, бо Гасподзь Бог Ізраілеў увайшоў празь яе, і яна будзе зачыненая.
3 Што да князя, ён, як князь, сядзе ў ёй, каб есьці хлеб перад Госпадам; увойдзе праз бабінец гэтай брамы, і той самай дарогаю выйдзе.
4 Потым прывёў мяне праз браму паўночную перад аблічча храма, і я бачыў, і вось, слава Госпада напаўняла дом Госпада, і я ўпаў на аблічча маё.
5 І сказаў мне Гасподзь: сыне чалавечы! прыкладвай сэрца тваё да ўсяго і глядзі вачыма тваімі і слухай вушамі тваімі ўсё, што Я кажу табе пра ўсе пастановы Дома Госпада і ўсе законы яго; і прыкладвай сэрца тваё да ўваходу ў храм і да ўсіх выхадаў са сьвятыні.
6 І скажы мяцежнаму дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: годзе вам, доме Ізраілеў, рабіць усе мярзоты вашыя,
7 уводзіць сыноў чужое, неабрэзаных сэрцам і неабрэзаных плоцьцю, каб яны былі ў Маёй сьвятыні і апаганьвалі храм Мой, падносіць хлеб Мой, тлушч і кроў, і разбураць запавет Мой рознымі мярзотамі вашымі.
8 Вы ня несьлі варты каля сьвятыняў Маіх, а ставілі замест сябе іх на варту ў Маім сьвяцілішчы.
9 Так кажа Гасподзь Бог: ніякі сын чужое, неабрэзаны сэрцам і неабрэзаны плоцьцю, не павінен уваходзіць у сьвяцілішча Маё, нават і той сын чужое, які жыве сярод сыноў Ізраіля.
10 Гэтак сама і Лявіты, якія адышлі ад Мяне падчас адступніцтва Ізраілевага, якія, пакінуўшы Мяне, блукалі сьледам за ідаламі сваімі, панясуць кару за віну сваю.
11 Яны будуць служыць у сьвяцілішчы Маім, як вартаўнікі каля брамы храма і прыслужнікі каля храма; яны будуць калоць народу цэласпаленьне і іншыя ахвяры і будуць стаяць перад імі дзеля слугаваньня ім.
12 За тое, што яны слугавалі ім перад ідаламі іхнімі і былі дому Ізраілеваму спакусай да бязбожнасьці, Я падняў на іх руку Маю, кажа Гасподзь Бог, і яны панясуць кару за віну сваю;
13 яны ня будуць набліжацца да Мяне, каб сьвяшчэнадзеяць перад Мною і прыступаць да ўсіх сьвятыняў Маіх, да Сьвятога Сьвятых, а будуць несьці на сабе няславу сваю і мярзоты свае, якія рабілі.
14 Зраблю іх вартаўнікамі храма на ўсе службы ягоныя і дзеля ўсяго, што ўчыняецца ў ім.
15 А сьвятары з племя Лявіінага, сына Садока, якія падчас адступленьня сыноў Ізраілевых ад Мяне, увесь час стаялі на варце сьвяцілішча Майго, тыя будуць набліжацца да Мяне, каб служыць Мне, і будуць стаяць наперадзе перад абліччам Маім, каб прыносіць Мне тлушч і кроў, кажа Гасподзь Бог.
16 Яны будуць уваходзіць у сьвяцілішча Маё і набліжацца да трапезы Маёй, каб служыць Мне і захоўваць варту Маю.
17 Калі прыйдуць да брамы ўнутранага двара, тады апрануцца ў вопратку льняную, а ваўнянае не павінна быць на іх падчас іх служэньня ў браме ўнутранага двара і ўсярэдзіне храма.
18 Павязкі на іхніх галовах павінны быць таксама льняныя; і сподняе на сьцёгнах іхніх павінна быць таксама льняное; у поце яны не павінны падпяразвацца.
19 А калі трэба будзе выйсьці на зьнешні двор, на зьнешні двор да народу, тады яны павінны будуць зьняць вопратку сваю, у якой яны служылі і пакінуць яе ў сьвяшчэнных пакоях і апрануцца ў іншую вопратку, каб сьвяшчэнным адзеньнем сваім не дакранацца да народу.
20 І галавы сваёй не павінны яны галіць і не павінны запускаць валасоў, а няхай мусова стрыгуць галовы свае.
21 І віна не павінен піць ніводзін сьвятар, калі ідзе ва ўнутраны двор.
22 Ні ўдавы, ні разьведзенай з мужам сваім яны не павінны браць сабе за жонку, а толькі могуць браць сабе дзяўчат з племя дома Ізраілевага і ўдаву, якая засталася ўдавою ад сьвятара.
23 Яны павінны вучыць народ Мой адрозьніваць сьвяшчэннае ад несьвяшчэннага і тлумачыць ім, што нячыста і што чыста.
24 Пры спрэчных справах яны павінны прысутнічаць у судзе і паводле статутаў Маіх судзіць іх, і сачыць за законамі Маімі і за пастановамі Маімі пра ўсе сьвяты Мае і сьвята захоўваць суботы Мае.
25 Да мёртвага чалавека ніхто зь іх не павінен падыходзіць, каб не зрабіцца нячыстым; толькі дзеля бацькі і маці, дзеля сына і дачкі, брата і сястры, якая ня была замужам, можна ім зрабіць сябе нячыстымі.
26 А пасьля ачышчэньня такога, яшчэ сем дзён належыць адлічыць яму.
27 І ў той дзень, калі яму трэба будзе прыступаць да сьвятыні ва ўнутраным двары, каб служыць пры сьвятыні, ён павінен прынесьці ахвяру за грэх, кажа Гасподзь Бог.
28 А што да іхняй долі, дык Я - доля іхняя. І валоданьня не давайце ім у Ізраілі: Я - іхняе валоданьне.
29 Яны будуць есьці ад хлебнага прынашэньня, ад ахвяры за грэх і ахвяры за злачынства; і ўсё заклятае ў Ізраіля ім жа і належыць.
30 І пачаткі з усіх пладоў вашых, і ўсякага роду прынашэньні, з чаго б ні складаліся прынашэньні вашыя, належаць сьвятарам; і пачаткі мліва вашага аддавайце сьвятару, каб над домам тваім пакоілася дабраславеньне.
31 Ніякай мярцьвячыны і нічога з разадранага зьверам, ні з птушак, ні з быдла, не павінны есьці сьвятары.
<- ЕЗЭКІІЛЯ 43ЕЗЭКІІЛЯ 45 ->