Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Кал 2
1 Хачу, каб вы ведалі, які подзьвіг нясу я за вас і за тых, што ў Лаадыкіі (і ў Ераполі), і за ўсіх, хто ня бачыў аблічча майго ў плоці,
2 каб усьцешыліся сэрцы іхнія, паяднаныя ў любові, каб узбагаціліся поўным разуменьнем дзеля дасканалага спазнаньня тайны Бога і Айца і Хрыста,
3 у Якім схаваны ўсе скарбы мудрасьці і веданьня.
4 Гэта кажу я дзеля таго, каб хто-небудзь ня зьвёў вас лісьлівымі словамі;
5 бо, хоць і няма мяне з вамі целам, затое духам я з вамі, радуючыся і сузіраючы вашае добрае ўладкаваньне і цьвёрдасьць веры вашае ў Хрыста.
6 А таму, як вы прынялі Хрыста Ісуса Госпада, так хадзеце і ў Ім,
7 укарэненыя і ўцьверджаныя ў Ім і ўмацаваныя ў веры, як вы навучаны, узбагачаючыся ў ёй з удзячнасьцю.
8 Глядзеце, браты, каб хто ня прывабіў вас філасофіяй і пустымі панадамі, па пераказах чалавечых, па стыхіях сьвету, а не па Хрысьце,
9 бо ў ім жыве ўся паўната Боства цялесна,
10 і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць галава ўсяго начальства і ўлады;
11 у Ім вы і абрэзаны абразаньнем нерукатворным, калі скінулі грахоўнае цела плоці, абразаньнем Хрыстовым;
12 былі пахаваныя зь Ім у хрышчэньні, у Ім вы разам і ўваскрэсьлі вераю ў сілу Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,
13 і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і ў неабразаньні плоці вашай, ажывіў разам зь Ім, дараваўшы нам усе грахі,
14 скасаваўшы вучэньнем былое пра нас рукапісаньне, якое было супроць нас, і Ён узяў яго з асяродзьдзя і цьвікамі прыбіў да крыжа;
15 забраўшы сілу ў начальстваў і ўладаў, уладна паставіў іх пад ганьбу, перамогшы іх Сабою.
16 Дык вось, хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво, ці за якое-небудзь сьвята, ці ў справе маладога месяца, ці суботы:
17 гэта ёсьць цень будучыні, а цела - у Хрысьце.
18 Ніхто хай не ашуквае вас сваёй самавольнай удаванай пакораю і службай анёлаў, урываючыся ў тое, чаго ня бачыў, неразважліва надзімаючыся плоцкім сваім розумам
19 і ня трымаючыся галавы, ад якое ўсё цела, суглобамі і зьвязкамі жыўнасна злучанае і змацаванае, расьце ростам Божым.
20 Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхіяў сьвету, дык чаму вы, жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
21 «не чапай», «ня еж», «ня руш»,
22 што ўсё, тлее ад ужываньня, - згодна з запаведзямі і вучэньнем чалавечым?
23 Гэта мае толькі бачнасьць мудрасьці ў самавольным служэньні, мудрай пакоры і тленьні цела, у пэўным заняхайваньні насычэньня плоці.

<- КАЛАСЯНАЎ 1КАЛАСЯНАЎ 3 ->