Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
Дз 13
1 У Антыахіі ў тамтэйшай царкве былі некаторыя прарокі і настаўнікі: Варнава, і Сымон, якога звалі Нігер, і Луцый Кірынеец, і Манаіл, выхаваны разам зь Ірадам тэтрархам, і Саўл.
2 Калі яны служылі Госпаду і пасьціліся, Дух Сьвяты сказаў: даручэце Мне Варнаву і Саўла на дзею, да якое Я іх паклікаў.
3 Тады яны, папасьціўшыся і памаліўшыся і ўсклаўшы на іх рукі, адпусьцілі іх.
4 Тыя, пасланыя Духам Сьвятым, сыйшлі ў Селяўкію, а адтуль адплылі на Кіпр,
5 і, быўшы ў Саламіне, прапаведавалі слова Божае ў сынагогах Юдэйскіх; а мелі яны пры сабе і Яна для служэньня.
6 Праўшоўшы ўвесь востраў да Пафа, знайшлі яны аднаго чарадзея ілжэпрарока, Юдэя, якога звалі Варысус,
7 які быў з праконсулам Сергіем Паўлам, мужам разумным. Той, паклікаўшы Варнаву і Саўла, пажадаў пачуць слова Божае.
8 А Яліма чарадзей, - так тлумачыцца імя ягонае, - пярэчыў ім, стараючыся адвярнуць праконсула ад веры.
9 Але Саўл, ён жа і Павал, напоўніўся Духам Сьвятым і паглядзеўшы на яго,
10 сказаў: о, поўны ўсякае хітрыны і ўсякага зладзейства сыне д'яблаў, вораг усякай праўды! ці не перастанеш ты зводзіць з роўных дарог Гасподніх?
11 І цяпер, вось, рука Гасподняя на цябе: ты асьлепнеш і ня ўбачыш сонца да часу. І раптам напалі на яго морак і цемра, і ён, паварочваючыся то туды, то сюды, шукаў павадыра.
12 Тады праконсул, усачыўшы, што адбылося, увераваў, зьдзіўлены вучэньнем Гасподнім.
13 Адплыўшы з Пафа, Павал і ўсе, хто былі зь ім, прыбылі ў Пэргію, у Памфілію; але Ян, адлучыўшыся ад іх, вярнуўся ў Ерусалім.
14 А яны, ідучы з Пэргіі, прыбылі ў Антыахію Пісідыйскую і, увайшоўшы ў сынагогу ў дзень суботні, селі.
15 Пасьля чытаньня закона і прарокаў начальнікі сынагогі паслалі сказаць ім: мужы браты! калі ў вас ёсьць слова настаўленьня да люду, кажэце.
16 Павал, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы Ізраільскія і ўсе, хто баіцца Бога! паслухайце:
17 Бог народу гэтага выбраў бацькоў нашых і ўзвысіў гэты народ у бытнасьць у зямлі Егіпецкай, і рукою ўзьнесенай вывеў іх зь яе,
18 і каля сарака гадоў часу карміў іх у пустыні;
19 і, зьнішчыўшы сем народаў у зямлі Ханаанскай, падзяліў ім у спадчыну зямлю іхную,
20 і пасьля гэтага, каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў, даваў ім судзьдзяў да прарока Самуіла;
21 потым прасілі яны цара, і Бог даў ім Сайла, сына Кісавага, мужа з роду Веньямінавага: так прайшло гадоў сорак.
22 Адхіліўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, пасьведчыўшы: «знайшоў Я мужа па сэрцы Маім, Давіда» сына Ясеевага, які спраўдзіць усе хаценьні Мае».
23 Зь ягоных жа нашчадкаў Бог паводле абяцаньня ўзьвёў Ізраілю Збаўцу Ісуса.
24 Перад самым зьяўленьнем Яго Ян прапаведаваў хрышчэньне пакаяньня ўсяму народу Ізраільскаму.
25 А пры канцы свайго шляху Ян казаў: за каго ўважаеце мяне? я ня Той; але вось, ідзе за мною, у Якога я ня варты разьвязаць абутак на нагах.
26 Мужы браты, дзеці роду Абрагамавага, і ўсе богабаязныя сярод вас! вам паслана слова збаўленьня гэтага.
27 Бо жыхары Ерусаліма і начальнікі іхнія, не пазнаўшы Яго і засудзіўшы, спраўдзілі словы прарочыя, чытаныя кожнае суботы,
28 і, не знайшоўшы ў Ім ніякай віны, вартае сьмерці, прасілі Пілата забіць Яго;
29 а калі выканалі ўсё напісанае пра Яго, дык, зьняўшы з дрэва, паклалі Яго ў магілу.
30 Але Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых;
31 Ён шмат дзён паяўляўся перад тымі, якія выйшлі зь Ім з Галілеі ў Ерусалім і якія сёньня - сьведкі Яго перад людзьмі.
32 І мы зьвястуем вам, што абяцаньне, дадзенае бацькам, Бог выканаў нам, дзецям іхнім, уваскрэсіўшы Ісуса,
33 як і ў другой псальме напісана: «Ты Сын Мой: Я сёньня Цябе нарадзіў».
34 А што ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, так што Ён ужо не абярнуўся ў тло, пра гэта сказаў так: «Я дам вам нязьменныя міласьціны, абяцаныя Давіду».
35 Таму і ў іншым месцы кажа: «не дасі Сьвятому Твайму ўбачыць тленьне».
36 Давід у свой час паслужыўся волі Божай, спачыў, і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў тленьне;
37 а Той, Каго Бог уваскрэсіў, ня ўбачыў тленьня.
38 Дык вось, хай будзе ведама вам, мужы браты, што дзеля Яго абвяшчаецца вам дараваньне грахоў;
39 і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўдацца законам Майсеевым, апраўдваецца Ім кожны веруючы.
40 Глядзеце ж, каб ня прыйшло на вас тое, што прадказана ў прарокаў:
41 «глядзеце, пагарднікі, падзівуйцеся і счэзьніце; бо я чыню дзею ў дні вашыя, дзею, якой не паверылі б вы, калі б хто расказаў вам».
42 Калі яны выходзілі (з Юдэйскай сынагогі), прасілі язычнікі іх гаварыць пра тое самае ў другую суботу.
43 Калі ж сход быў распушчаны, многія Юдэі і богашаноўцы, навернутыя зь язычнікаў, пайшлі сьледам за Паўлам і Варнавам, якія, размаўляючы зь імі, угаворвалі іх заставацца ў ласкавай мілаце Божай.
44 У другую суботу амаль увесь горад сабраўся слухаць слова Божае;
45 але Юдэі, убачыўшы люд, напоўніліся зайздрасьцю і, выступаючы супроць і ліхасловячы, пярэчылі таму, што казаў Павал.
46 Тады Павал і Варнава мужна сказалі: вам першым трэба было абвясьціць слова Божае; але як вы адкідаеце яго і самі сябе робіце нявартымі вечнага жыцьця, дык вось, мы зьвяртаемся да язычнікаў:
47 Бо так наказаў нам Гасподзь: «Я паставіў цябе за сьветач язычнікам, каб ты быў ратункам да краю зямлі».
48 Язычнікі, чуючы гэта радаваліся і славілі слова Гасподняе, і ўверавалі ўсе, хто быў наперад вызначаны ў вечнае жыцьцё.
49 І слова Гасподняе шырылася па ўсёй краіне.
50 Але Юдэі, падбухторыўшы пабожных уплывовых жанчын і першых у горадзе людзей, пачалі ганеньне на Паўла і Варнаву, і выгналі іх з сваіх межаў.
51 А яны, абцярушыўшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканію.
52 А вучні напаўняліся радасьцю і Духам Сьвятым.

<- ДЗЕІ 12ДЗЕІ 14 ->