2 Кар 4
1 Вось чаму, маючы зь міласьці Божай такое служэньне, мы не маркоцімся;
2 але, адкінуўшы тайныя ганебныя справы, ня хітруючы і не скажаючы слова Божага, а адкрываючы праўду, аддаём сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
3 Калі ж і заслонена зьвеставаньне наша, дык заслонена тым, якія гінуць,
4 нявернікам, якім бог веку гэтага зацьміў розум, каб ім ня зьзяла сьвятло зьвеставаньня пра славу Хрыста, Які ёсьць вобраз Бога нябачнага.
5 Бо мы не сябе прапаведуем, а Хрыста Ісуса, Госпада; а мы - нявольнікі вашыя дзеля Ісуса,
6 таму што Бог, які сказаў зазьзяць зь цемры сьвятлу, азарыў нашыя сэрцы, каб прасьвятліць нас пазнаньнем славы Божай у асобе Ісуса Хрыста.
7 Але скарб гэты мы носім у гліняным посудзе, каб веліч сілы бачылася ў Богу, а ня ў нас;
8 нас адусюль гнятуць, але мы ня прыгнечаныя; мы ў роспачным стане, але не ўпадаем у роспач;
9 нас гоняць, але мы не пакінутыя; нас валяць, але ня гінем;
10 заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў целе нашым.
11 Бо мы жывыя няспынна аддаёмся на сьмерць за Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава адкрылася ў сьмяротнай плоці нашай,
12 так што сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
13 Але, маючы той самы дух веры, як напісана: «я вераваў і таму гаварыў», і мы веруем, таму і гаворым,
14 ведаючы, што Той, Хто ўваскрэсіў Госпада Ісуса, уваскрэсіць празь Ісуса і нас і паставіць перад Сабою з вамі.
15 Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце мілаты тым большую ў многіх нарадзіла ўдзячнасьць на славу Божую.
16 Таму мы не маркоцімся; але калі вонкавы наш чалавек і тлее, дык унутраны - дзень у дзень абнаўляецца,
17 бо нядоўгая лёгкая пакута наша нараджае ў бязьмерным багацьці вечную славу,
18 калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: бо бачнае - часовае, а нябачнае - вечнае!
<- 2 КАРЫНФЯНАЎ 32 КАРЫНФЯНАЎ 5 ->