Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
2 Лет 29
1 Эзэкія зацараваў у дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Авія, дачка Захара.
2 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны.
3 У першы год валадараньня свайго, у першы месяц, ён адчыніў дзьверы дома і аднавіў іх,
4 і загадалі прыйсьці сьвятарам і лявітам, і сабраў іх на пляцы ўсходнім,
5 і сказаў ім: паслухайе мяне, лявіты. Сёньня асьвяцецеся самі і асьвяцеце дом Госпада Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.
6 Бо бацькі нашыя рабілі беззаконна, і рабілі незаўгоднае ў вачах Госпада Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвялі яны твары свае ад жытлішча Гасподняга, і павярнуліся сьпінаю,
7 і замкнулі дзьверы бабінца, і патушылі сьвяцільні, і не палілі дымленьня, і ня ўзносілі цэласпаленьняў у сьвятыні Бога Ізраілевага.
8 І быў гнеў Госпада на Юдэю і на Ерусалім, і Ён аддаў іх на ганьбу, на спусташэньне і на пасьмешышча, як вы бачыце на вочы вашыя.
9 І вось загінулі бацькі нашыя ад меча, а сыны нашыя і дочкі нашыя і жонкі нашыя за гэта ў палоне дагэтуль.
10 Цяпер у мяне на сэрцы - заключыць запавет з Госпадам Богам Ізраілевым, хай ухіліць ад нас полымя гневу Свайго.
11 Дзеці мае, ня будзьце неахайныя, бо вас выбраў Гасподзь стаяць прад абліччам Ягоным і быць у Яго службітамі і запальвачамі дымленьня.
12 І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Каатавых; і з сыноў Мэрарыных; Кіс, сын Аўдыя, і Азарыя, сын Егалелела; і з племя Гірсонавага: Ёах, сын Зімы, і Элдэн, сын Ёаха;
13 і з сыноў Эліцафанавых: Шымры і Еэл; і з сыноў Асафавых: Захар і Матанія;
14 і з сыноў Эманавых: Ехіэл і Шымэй; і з сыноў Ідытунавых: Шэмая і ўзіел.
15 Яны сабралі братоў сваіх і асьвяціліся, і пайшлі па загадзе цара ачышчаць дом Гасподні па словах Госпада.
16 І ўвайшлі сьвятары ўсярэдзіну дома Гасподняга дзеля ачышчэньня, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў храме Гасподнім, на двор дома Гасподняга, а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці прэч да патока Кедрона.
17 І пачалі ачышчаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго самага месяца ўвайшлі ў бабінец Гасподні; і асьвячалі дом Гасподні восем дзён, а на шаснаццаты дзень першага месяца закончылі.
18 І прыйшлі ў дом да цара Эзэкіі і сказалі: мы ачысьцілі дом Гасподні, і ахвярнік для цэласпаленьняў, і ўвесь посуд яго, і стол для пакладных хлябоў, і ўвесь посуд яго;
19 і ўвесь посуд, які занядбаў цар Ахаз у час валадараньня свайго, у беззаконьні сваім, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось ён перад ахвярнікам Гасподнім.
20 І ўстаў цар Эзэкія з самага рана і сабраў начальнікаў горада, і пайшоў у дом Гасподні.
21 І прывялі сем цялят і сем бараноў, і сем ягнят і сем казлоў на ахавяру за грэх царства і за сьвятыню і за Юдэю; і загадаў ён сынам Ааронавым, сьвятарам, узьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік Гасподні.
22 І закалолі цялят, і ўзялі сьвятары кроў, і акрапілі ахвярнік, і закалолі бараноў, і акрапілі крывёю ахвярнік, і закалолі ягнят, і акрапілі крывёю ахвярнік.
23 І прывялі казлоў за грэх перад аблічча цара і сходу, і яны ўсклалі рукі свае на іх.
24 І закалолі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік для загладжваньня грахоў усяго Ізраіля, бо за ўсяго Ізраіля загадаў цар прынесьці цэласпаленьне і ахвяру за грэх.
25 І паставіў ён лявітаў у доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі, па статуце Давіда і Гада, празорліўца царовага, і Натана прарока, бо ад Госпада быў статут гэты праз прарокаў Ягоных.
26 І сталі лявіты з музычнымі спарудамі Давідавымі і сьвятары з трубамі.
27 І загадаў Эзэкія ўзьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік. І ў той час, як пачалося цэласпаленьне, пачалося сьпяваньне Госпаду, пад гукі труб і спарудаў Давіда, цара Ізраілевага.
28 І ўвесь сход маліўся, і сьпевакі сьпявалі, і трубілі трубы, пакуль не закончылася цэласпаленьне.
29 Пасьля заканчэньня цэласпаленьня, цар і ўсе, хто быў пры ім, укленчылі і пакланіліся.
30 І сказаў цар Эзэкія і князі лявітам, каб яны славілі Госпада словамі Давіда і Асафа празорліўца, і яны славілі з радасьцю, і кленчылі і кланяліся.
31 І Эзэкія сказаў далей: цяпер вы прысьвяцілі сябе Госпаду; прыступайце і прыносьце ахвяры і падзякавальныя прынашэньні ў дом Гасподні. І панёс сход ахвяры і падзякавальныя прынашэньні, і кожны, хто прыхільны быў сэрцам, - цэласпаленьні.
32 І быў лік цэласпаленьняў, якія прывёў сход: семдзесят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнят - усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.
33 Іншых сьвяшчэнных ахвяраў было: шасьцьсот з буйнога быдла і тры тысячы з дробнага быдла.
34 Але сьвятароў было мала, і яны не маглі зьдзіраць скуру з усіх цэласпаленьняў, і дапамагалі ім браты іхнія лявіты, да заканчэньня справы і пакуль асьвяціліся іншыя сьвятары, бо лявіты былі больш старанныя ў асьвячэньні сябе, чым сьвятары.
35 Прытым цэласпаленьняў было мноства з тлушчам і мірных ахвяраў і з паліваньнем пры цэласпаленьні. Так адноўдена служэньне ў доме Гасподнім.
36 І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ за тое, што Бог так схіліў народ, бо гэта ўчынілася неспадзявана.

<- 2 ЛЕТАПІСАЎ 282 ЛЕТАПІСАЎ 30 ->