Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
2 Лет 15
1 Тады на Азарыю, сына Адэтавага, сышоў Дух Божы,
2 і выйшаў ён насустрач Асу і сказаў яму: паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Веньямін: Гасподзь з вамі, калі вы зь Ім; і калі вы будзеце шукаць Яго, Ён будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён пакіне вас.
3 Многа дзён Ізраіль будзе бяз Бога сапраўднага і безь сьвятара навучальнага і без закона;
4 але калі ён павернецца ва ўціску сваім да Госпада Бога Ізраілевага і знойдзе Яго, Ён дасьць ім знайсьці Сябе.
5 У тыя часы ня будзе міру ні таму, хто выходзіць, ні хто ўваходзіць, бо вялікія хваляваньні будуць ва ўсіх жыхароў земляў;
6 народ будзе біцца з народам, і горад з горадам, бо Бог прывядзе іх у хваляваньне вялікімі бедствамі.
7 Але вы ўмацуецеся, і хай не слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць адплата за дзеі вашыя.
8 Калі пачуў Аса словы гэтыя і прароцтва, сына Адэда прарока, дык падбадзёрыўся і выкінуў мярзоты язычніцкія з усёй зямлі Юдавай і Веньямінавай і з гарадоў, якія ён узяў на гары Яфрэмавай, і абнавіў ахвярнік Гасподні, што перад бабінцам Гасподнім.
9 І сабраў усяго Юду і Веньяміна і перасяленцаў, якія жылі зь імі, ад Яфрэма і Манасіі і Сімяона; бо многія ад Ізраіля перайшлі да яго, калі ўбачылі, што Гасподзь Бог яго зь ім.
10 І сабраліся ў Ерусаліме ў трэці месяц, на пятнаццатым годзе валадараньня Асы;
11 і прынесьлі ў той дзень ахвяру Госпаду са здабычы, якую прывялі, з буйнога быдла сямсот і з дробнага сем тысяч;
12 і ўступілі ў запавет, каб уісьціць Госпада Бога бацькоў сваіх ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй;
13 і кожны, хто ня будзе шукаць Госпада Бога Ізраілевага, павінен памерці, ці ён малы, ці вялікі, ці мужчына, ці жанчына.
14 І прысягаліся Госпаду гучнагалоса і з заклікамі і пры гуках труб і рагоў.
15 І радаваліся ўсе Юдэі гэтай клятве, бо ад усяго сэрца свайго прысягаліся і з усёй рупнасьцю шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў.
16 І Мааху, маці сваю, цар Аса пазбавіў царскай годнасьці за тое, што яна зрабіла балвана для дубровы. І скінуў Аса балвана яе, і пасек на кавалкі, і спаліў у даліне Кедрона.
17 Хоць вышыні ня былі адменены ў Ізраіля, але сэрца Асы было цьвёрда адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.
18 І ўнёс ён прысьвечанае бацькам ягоным і сваё прысьвячэньне ў дом Божы, срэбра і золата і посуд.
19 І ня было вайны да трыццаць пятага года валадараньня Асы.

<- 2 ЛЕТАПІСАЎ 142 ЛЕТАПІСАЎ 16 ->