1 Ян 3
1 Глядзеце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца і быць дзецьмі Божымі. Сьвет таму ня ведае нас, што не спазнаў Яго.
2 Любасныя! мы цяпер дзеці Божыя; але яшчэ ня выявілася, чым будзем. Ведаем толькі, што, калі выявіцца, будзем падобныя да Яго, бо ўгледзім Яго, як Ён ёсьць.
3 І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе, бо Ён чысты.
4 Кожны, хто робіць грэх, робіць і беззаконьне; і грэх ёсьць беззаконьне.
5 І вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і што ў Ім няма грэху.
6 Кожны, хто жыве ў Ім, ня грэшыць; кожны, хто грэшыць, ня бачыў Яго і не спазнаў Яго.
7 Дзеці! хай ня зводзіць вас ніхто. Хто чыніць праўду, той праведны, падобна як Ён праведны.
8 Хто чыніць грэх, той ад д'ябла, бо спачатку д'ябал зграшыў. На тое якраз і зьявіўся Сын Божы, каб разбурыць дзеі д'ябла.
9 Кожны, народжаны ад Бога, ня робіць грэху, бо насеньне Ягонае жыве ў ім; і ён ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога.
10 Дзеці Божыя і дзеці д'яблавыя пазнаюцца так: кожны, хто ня чыніць праўды, ня ёсьць ад Бога, як і той, хто ня любіць брата свайго.
11 Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, - каб мы любілі адно аднаго,
12 ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго. А за што забіў яго? За тое, што дзеі ягоныя былі ліхія, а дзеі брата ягонага праведныя.
13 Ня зьдзіўляйцеся, браты мае, калі сьвет ненавідзіць вас.
14 Мы ведаем, што мы перайшлі са сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ня любіць брата, застаецца ў сьмерці.
15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць душагуб; а вы ведаеце, што ніякі душагуб ня мае жыцьця вечнага, якое ў ім заставалася.
16 Любоў спазналі мы ў тым, што Ён паклаў за нас душу Сваю: і мы павінны класьці душы свае за братоў.
17 А хто мае дастатак на сьвеце, але, бачачы брата свайго ў нястачы, зачыняе ад яго сэрца сваё, - як застаецца ў тым любоў Божая?
18 Дзеці мае! будзем любіць ня словам альбо языком, а ўчынкамі і праўдаю.
19 І вось, па чым спазнаём, што мы ад праўды, і супакойваем перад Ім сэрцы нашыя;
20 бо калі сэрца (нашае) асуджае нас, дык тым болей Бог, таму што Бог большы за сэрца нашае і ведае ўсё.
21 Любасныя! калі сэрца нашае не асуджае нас, дык мы маем адвагу перад Богам,
22 і, чаго ні папросім, атрымаем ад Яго, бо трымаемся запаведзяў Ягоных і робім богаспадобнае перад Ім.
23 А запаведзь Ягоная тая, каб мы веравалі ў імя Сына Ягонага, Ісуса Хрыста, і любілі адно аднаго, як Ён наказаў нам.
24 І хто захоўвае запаведзі Ягоныя, той жыве ў Ім, і Ён у тым. А што Ён жыве ў нас, спазнаём па духу, які Ён даў нам.
<- 1 ЯНА 21 ЯНА 4 ->