1 Ян 2
1 Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:
2 Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.
3 А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.
4 Хто кажа: «я спазнаў Яго», а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;
5 а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
6 Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.
7 Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
8 Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.
9 Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.
10 Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.
11 А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.
12 Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
13 Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.
14 Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.
15 Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
16 бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
17 І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.
18 Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.
19 Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.
20 Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
21 Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.
22 Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той - антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.
23 Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызна Сына, мае і Айца.
24 Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.
25 А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
26 Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.
27 А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.
28 Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.
29 Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.
<- 1 ЯНА 11 ЯНА 3 ->