Link to home pageLanguagesLink to all Bible versions on this site
1 Лет 5
1 Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага, - ён першынец; але калі запляміў ён пасьцель бацькі свайго, першынства яго аддадзена сынам Язэпа, сына Ізраілевага, з тым аднак, каб ня пісацца ім першароднымі;
2 бо Юда быў мацнейшы за братоў сваіх, і правадыр ад яго, але першынства перанесена на Язэпа.
3 Сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох, Фалу, Хэцрон і Хармі.
4 Сыны Ёіля: Шэмая, сын ягоны: ягоны сын Гог, ягоны сын Шымэй,
5 ягоны сын Міха, ягоны сын Рэая, ягоны сын Ваал,
6 ягоны сын Бэера, якога зьвёў у палон Тэглафэласар, цар Асірыйскі. Ён быў князем Рувімлянаў.
7 І браты ягоныя, па плямёнах іхніх, па радаводным сьпіску іхнім, былі: галоўны Ёіль, потым Захар,
8 і Бэла, сын Азаза, сына Шэмы, сына Ёіля. Ён жыў у Араэры да Нэво і Ваал-Мэона;
9 а на ўсход ён жыў да ўваходу ў пустыню, якая ідзе ад ракі Еўфрат, бо статкі іхнія былі шматлікія ў зямлі Галаадскай.
10 У дні Саўла яны вялі вайну з Агаранамі, якія загінулі ад рук іхніх, а яны пачалі жыць у намётах іхніх па ўсёй усходняй старане Галаада.
11 Сыны Гада жылі насупраць іх у зямлі Васанскай да Салхі:
12 у Васане Ёіль быў галоўны, Шафан другі, потым Яанай і Шафат.
13 Братоў іхніх зь сямействамі іхнімі было сем: Міхаіл, Мэшулам, Шэва, Ёрай, Яакан, Зія і Эвэр.
14 Вось сыны Авіхаіла, сына Хурыя, сына Ярааха, сына Галаада, сына Міхаіла, сына Ешышая, сына Яхдо, сына Буза.
15 Ахі, сын Аўдыіла, сына Гунэіевага, быў галавою свайго роду.
16 Яны жылі ў Галаадзе, у Васане і ў залежных ад яго гарадах і ва ўсіх навакольлях Сарона, да зыходу іхняга.
17 Усе яны палічаны ў дні Ёатама, цара Юдэйскага, і ў дні Ераваама, цара Ізраільскага.
18 У нашчадкаў Рувіма і Гада і паўплемя Манасіінага было людзей ваяўнічых, мужоў, якія носяць шчыт і меч, страляюць з лука і прывучаных да бітвы, сорак чатыры тысячы сямсот шэсьцьдзясят, якія выходзяць на вайну.
19 І ваявалі яны з Агаранамі, Етурам, Нафішам і Надавам.
20 І дадзена была ім дапамога супроць іх, і аддадзены былі ў рукі іхнія Агаране, і ўсё, што ў іх было, бо яны падчас бітваў заклікалі да Бога, і Ён пачуў іх, за тое, што яны спадзяваліся на Яго.
21 І ўзялі яны статкі іхнія: вярблюдаў пяцьдзясят тысяч, з дробнага быдла дзьвесьце пяцьдзясят тысяч, аслоў дзьве тысячы, і сто тысч душ людзей,
22 бо многа было забіта, бо ад Бога была бітва гэтая. І жылі яны на месцы іхнім да перасяленьня.
23 Нашчадкі паўкалена Манасіінага жылі ў той зямлі, ад Васана да Ваал-Эрмона і Сэніра і да гары Эрмона; і іх было многа.
24 І вось узначальцы пакаленьняў іхніх: Эфэр, Ішэі, Элііл, Азрыіл, Ерамія, Гадавія і Ягдыіл, мужы моцныя, мужы знакамітыя, галовы родаў сваіх.
25 Але калі яны саграшылі супроць Бога бацькоў сваіх і пачалі блудна хадзіць сьледам за багамі народаў той зямлі, якіх выгнаў Бог ад аблічча іхняга,
26 дык Бог Ізраілеў узбурыў дух Фула, цара Асірыйскага, і дух Тэглафэласара цара Асірыйскага, і ён выселіў Рувімлянаў і Галіцянаў і палавіну калена Манасіінага, і адвёў іх у Халал і Хавор, і Ару, і на раку Газан, - дзе яны да гэтага дня.

<- 1 ЛЕТАПІСАЎ 41 ЛЕТАПІСАЎ 6 ->